Сегодня


 

 

Гісторыя вёскі Паддуб’е


Чалавек, куды б яго на працягу жыцця не закінуў лёс, заўсёды звязаны нябачнай пупавінай з галоўным на зямлі месцам – месцам нараджэння. Для мяне і шматлікіх маіх землякоў ім была і застаецца вёска Паддуб’е, што знаходзіцца ў паўночна-ўсходняй частцы Быхаўскага раёна. Яна назаўсёды прапісаная ў сэрцах, душах і пашпартах тых, каго нарадзіла і выгадавала. На вялікі жаль, ніякіх звестак пра афіцыйнае гістарычнае існаванне на Быхаўшчыне паселішча з такой назвай у нядаўна выдадзеным энцыклапедычным даведніку «Гарады і вёскі Беларусі» я не знайшоў. Таму вырашыў падзяліцца сваімі ведамі і зветкамі, атрыманымі з розных крыніцаў.

Вёска Паддуб’е Грудзінаўскага сельсавета Быхаўскага раёна па ўспамінах старажылаў была заснаваная ў 1924 – 1925 гг. перасяленцамі з бліжэйшых вёсак Рыжкаўкі і Перакладавіч. Пераважна сем’ямі маладых, беззямельных і малазямельных сялянаў, якія аддзяліліся ад бацькоў. Пасяленне было створанае на землях так званага дзяржаўнага запаснога фонду. Да Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 г. гэтыя землі, разам з навакольнымі, належалі петраградскай памешчыцы графіні Аляксандры Рыгораўне Талстой.

Існавала вёска як два асобныя пасёлкі: уласна Паддуб’е (населены выхадцамі з Рыжкаўкі) і Вясёлы (населены выхадцамі з Перакладавіч). Знаходзіліся пасёлкі недалёка адзін ад аднаго. Мелі яны разрэджаную забудову, былі, па сутнасці, хутарскога тыпу. Зямельныя ўчасткі, якімі валодалі гаспадары сядзібаў, былі розных памераў. Пры перасяленні сем’і надзяляліся зямлёй з разліку 1 га на чалавека. Кожная сямья вяла натуральную гаспадарку, асноўнымі заняткамі былі звыклыя жывёлагадоўля і земляробства. Дабрабыт перасяленцаў паступова паляпшаўся. Хтосьці займеў малатарню. Здаралася, гаспадаркі сялянаў цярпелі страты ад начных грабежнікаў ці злодзеяў, бо большасць падворкаў месцілася пры лесе. Адметнасць мясціне, дзе атабарыліся перасяленцы з Рыжкаўкі, надавалі велічныя, векавыя дубы. Ад тых раскідзістых дрэваў паселішча і займела сваю назву.

У склад пасёлка Паддуб’е, сведчаць былыя жыхары, уваходзіла дзевяць сядзібаў. Гаспадарамі паддуб’інскіх сядзібаў і надзелаў былі: Аўтух Сіўцоў, Варфаламей Бязрукаў, Савасцей Бязрукаў, Лукаш Шыцікаў, Фядос Белы, Кузьма Рабычын, Кірыла Бязрукаў, Напрэй Кавалёў, Паўлюк Сіўцоў.

Пасёлак Вясёлы (па словах тых жа людзей) меў чатырнаццаць сядзібаў. Іхнімі гаспадарамі былі: Міхей Гаўрылін, Ляксандр Афанасьеў, Прося Мартынава, Змітрок Макрацоў, Мацвей Гаўрылін, Сідар Маршын, Касцюк Шчэрбін, Леўка Церахаў, Саўка Афанасьеў, Васіль Церахаў, Пятрок Буланькоў, Радзька Маршын, Змітрок Лаўрэнаў, Хвёдар Забарэўскі.

Сем’і з большага былі шматдзетнымі (нягледзячы на вельмі высокую з-за адсутнасці патрэбнай медычнай дапамогі дзіцячую смяротнасць). Дзятва школьнага ўзросту, звычайна наведвала Грудзінаўскую сямігадовую (пазней васьмігадовую) школу, што знаходзілася ў былым графскім двухпавярховым драўляным будынку, побач з мураваным палацам, ператвораным Саветамі ў дом адпачынку.

Прымусовая калектывізацыя прыватных гаспадарак жыхароў абодвух пасёлкаў прайшла ў 1934 годзе. Тады тут пачаў існаваць калгас імя Н.К. Крупскай. Старшынём яго непрацяглы час быў мой дзед Дзмітрый Арцёмавіч Макрацоў. Затым увесь перадваенны час калгас узначальваў іншы, партыйны старшыня Сцяпан Яфімавіч Кандраценка. Рахункаводам (тагачасны бухгалтар) да вайны працаваў другі мой дзед Савасцей Антонавіч Бязрукаў. Абагульненая маёмасць да пабудовы калгаснага двара месцілася ў сялянскіх гумнах.

Разам з калектывізацыяй па ўсіх навакольных паселішчах прайшла хваля раскулачвання і высялення «ворагаў народа». Так сем’і Тукоцкіх, Апрэлевых, Сіўцовых, Мацаковых, Ракавых разам з сем’ямі іншых працалюбных гаспадароў былі высланыя савецкай уладай далёка на ўсход, у Сібір. У вёсцы Рыжкаўка адбыўся «жаночы бунт». Узброены супраціў прымусовай калектывізацыі аказалі некалькі жыхароў вёскі Давыдавічы.

Неабходна адзначыць таксама, што гаспадаркі сялянаў, якія адмовіліся ўступаць у калгас (у Паддуб’і аднаасобнікам быў Кірыла Бязрукаў), савецкай уладай абкладваліся вялізнымі, рабаўнічымі падаткамі. Непакорных даводзілі да крайняй галечы і голаду. Не пакідалі ім іншага шляху выратавання, апроч калгаснага.

Новае ўзрушэнне людству пасёлкаў Паддуб’е і Вясёлы давялося перажыць вясной 1939 года. Тады адбылося іх прымусовае ссяленне з хутароў у адзіную, запланаваную пасярод абшару, вёску. На тым полі абапал будучых вуліцаў землямеры папярэдне нарэзалі прысядзібныя, па 0,5 гектара, участкі. Перасяленне ўлада здзяйсняла з дапамогай брыгадаў мужыкоў, якія ў вялікай колькасці прыехалі на падводах з-за Дняпра з Баркалабава. Яны без дазволу, скідвалі з хатаў дахі, разбіралі зрубы, перавозілі разбураныя хаты на ўказаныя ўчасткі. Як дапамогу, дзяржава выдзяляла перасяленцам па два дубы на штандары і па чатыры елкі на рамонт пабудовы. Астатні цяжар перасялення цалкам ускладаўся на плечы гаспадароў сядзібаў. Вялікіх дрэваў у наваколлі тады значна паменшала.

Пасля перасялення ў вёсцы агульная колькасць двароў павялічылася: іх стала трыццаць шэсць. Да пераселеных з пасёлкаў Паддуб’е і Вясёлы былі далучаны перасяленцы з іншых месцаў. Хто толькі ўступіў у калгас, атрымалі прысядзібныя ўчасткі памерам 0,25 га. Новаму пасяленню ўлады спачатку далі найменне Вясёлы, аднак яно не прыжылося. Сваю вёску жыхары пачалі называць Паддуб’ем. Таму назва і была замацаваная як афіцыйная. Неафіцыйным сімвалам паселішча стаў вячысты, абпалены дуб, які адзінока ўзвышаўся каля вёскі з паўднёвага боку. А другі векавы дуб захаваўся там, дзе было заснаванае Паддуб’е.

Калгасны двор да вайны знаходзіўся паблізу дарогі на Латкалонію. Там былі стайня, кароўнік, свінарнік, куратнік, свіран, ток. На таку меўся стацыянарны камбайн, які абмалочваў збожжа.

У час Вялікай Айчыннай вайны Паддуб’е з ліпеня 1941 г. па 26 чэрвеня 1944 г. было акупаванае. Большасць мужчын у пачатку вайны мабілізавалі ў Чырвоную Армію. Перад з’яўленнем немцаў у калгас з раёна прыехаў ўпаўнаважаны, які сабраў сход, заклікаў браць вілы і сякеры, забіваць паўсюдна фашыстаў і ... хутка з’ехаў. Вяскоўцы пасля бачылі, як з боку в. Красніца самалёт скідваў парашутыстаў. На Пятро 12 ліпеня 1941 г. сяляне здалёк назіралі, як па шляху (з боку Красніцы) на Рыжкаўку, дзе чуліся моцная страляніна і выбухі, паўзлі варожыя танкі. Праз дзень пасля абстрэлу вёскі савецкай танкеткай запальнымі кулямі ў Паддуб’і згарэла некалькі хат. Калгас спыніў сваё існаванне. Немцы пастралялі й забралі калгасных свіней. Вяскоўцы разабралі коней і інвентар. Падзялілі зямлю, пачалі абрабляць яе аднаасобна. Акупацыйнай уладай у вёсцы для падтрымкі парадку былі прымусова прызначаныя стараста і паліцэйскія. Маладзейшыя вяскоўцы Валодзя Бязрукаў і Іван Афанасьеў увайшлі ў склад мясцовай падпольнай групы, дапамагалі партызанам. У ваенны час жыхарам Паддуб’я даводзілася цярпець здзекі і паборы не толькі акупантаў і іх дабраахвотных памагатых, але і партызанаў.

17 ліпеня 1942 г. за сувязь з партызанамі карнікі знішчылі суседнюю Красніцу: спалілі разам з жыхарамі. Спалілі і іншыя вёскі. Каб пазбегнуць такога ж лёсу, насельнікі Паддуб’я арганізавалі дзяжурства, па чарзе назіралі за ваколіцай. Калі ж узнікалі пагрозы, то хаваліся у суседнім лесе. У верасні 1943 г. з усходу з нарастаючай сілай пачала даносіцца кананада. Жыхары Паддуб’я зразумелі, што набліжаецца фронт. У спадзяванні на хуткае вызваленне, яны вырашылі зноўку схавацца ад небяспекі ў лесе, зрабілі там сховішчы і пакінулі вёску. Але фронт не дайшоў да Паддуб’я, надоўга спыніўся перад знішчанай карнікамі Красніцай. Тутэйшыя людзі апынуліся ў прыфрантовай зоне. Семярых вяскоўцаў, якія наведаліся па прыхаваныя прадукты – Цімафея Сіўцова, Аксінню Сіўцову, Адар’ю Лаўрэнаву з грудным сынам, Лізу Казлову з малалетнім сынам, дзяўчынку гадоў чатырнаццаці з Перакладавічаў – акупанты залічылі да партызанаў і расстралялі. Гэткая ж доля затым ледзь не спасцігла пазней больш за дваццаць аднавяскоўцаў, якіх захопнікі сагналі ў хату Міхея Гаўрыліна. Ад расстрэлу іх у апошнюю хвіліну выратаваў старшы нямецкі афіцэр, які нечакана з’явіўся і не дазволіў салдатам здзейсніць забойства. Неспадзявана немцы пачалі з’яўляцца і ў тым лесе, дзе хаваліся ўцекачы. Даведаўшыся, што непадалёку расстралялі сялянаў з суседняй вёскі, тутэйшыя палічылі за лепшае да халадоў вярнуцца назад у Паддуб’е.

Напярэдадні Пакроваў людзі вярнуліся ў свае хаты, але не паспелі ўладкавацца. Акупанты на Пакровы выгналі іх з вёскі і перамясцілі далей на захад (за Днепр у свой тыл). Зрабілі бежанцамі, а тых вяскоўцаў, якія без дазволу засталіся дома, пры затрыманні расстрэльвалі. Схопленая ў Грудзінаўцы паліцаямі, загінула недзе ў перакладаўскім лесе шматдзетная Ганна Кавалёва, сямнаццацігадовага Жэню Старасціна забілі ў лесе каля Бутрамееўкі.

Выгнаныя з Паддуб’я людзі нейкі час знаходзіліся ў вёсках Холстава, Людкоў, Новы Кучын, Балонаў Сялец што на Быхаўшчыне. У Холставе немец, які ведаў рускую мову, застрэліў Варфаламея Бязрукава за тое, што той асмеліўся агрызнуцца.Там жа акупанты нечакана схапілі старэйшага брата маёй маці Валодзю Бязрукава. Ягоны далейшы лёс невядомы дагэтуль. У Балонавым Сяльцы, застыўшы і захварэўшы на адзёр, загінулі іх малалетнія брат і сястра Коля і Тоня Бязрукавы. Працаздольных у бежанстве прымушалі капаць акопы, валіць лес, выконваць іншую працу. Вясной 1944 г.значная частка бежанцаў, пераважна моладзь, была вывезеная акупантамі для прымусовай працы ў Аўстрыю. Раней некалькі чалавек так былі вывезеныя з Паддуб’я ў Германію.

Пасля вызвалення родных мясцінаў ацалелыя вяскоўцы вярталіся ў сваё Паддуб’е. Мост цераз Днепр каля Быхава быў знішчаны. Але на яго апоры высока над вадой вайскоўцы паклалі вузкія кладкі. Па ім, рызыкуючы апынуцца ў рацэ, згаладалыя знясіленыя людзі перабіраліся на ўсходні бераг. Народжаную ў бежанстве Зіну Кавалёву па просьбе яе маці Насты на другі бераг перанёс невядомы добразычлівы салдат. Частка бежанцаў знайшла лодку і там пераправілася праз раку каля Баркалабава. Больш чым трэць хат у Паддуб’і былі спаленыя. Годных для службы мужчын і юнакоў неўзабаве прызвалі ў войска.

Саветамі ў вёсцы зноўку быў створаны калгас імя Н.К. Крупскай. Коней у ім не было. Каб узараць зямлю, даводзілася запрагацца людзям: некалькі пар жанчын станавіліся пара за парай ды разам цягнулі плуг... Насення ў калгасе таксама не было. Выдзеленае дзяржавай зерне даводзілася насіць за дзясяткі кіламетраў з Быхава альбо Магілёва на сабе (дарослыя па 20 – 25 кг, моладзь па 15 – 18 кг). Зімой тых жа калгаснікаў ганялі за10 – 25 км на лесанарыхтоўкі, дзе кожны павінен быў выканаць даведзеную норму.

Карміліся вяскоўцы тады ўсім, што толькі можна было з’есці. Паколькі ж не было посуду, то ежу гатавалі ў снарадных гільзах і салдацкіх касках. Людзі, якія пазбавіліся сваіх хатаў, жылі ў пакінутых немцамі бліндажах, збудаваных зямлянках. Старшынём адноўленага ў 1944 г. калгаса была Марыя Цімафееўна Сіўцова (сястра партызана-падрыўніка, арганізатара мясцовага антыфашысцкага падполля Канстанціна Сіўцова, які загінуў у1942 г.). Адольваючы непамерныя цяжкасці, наладжвалася жыццё.

З фронту ў Паддуб’е не вярнуліся дзевяць землякоў: Пятрок Буланькоў, Фёдар Бязрукаў, Іван Васіленка, Міхей Гаўрылін, Фёдар Гаўрылін, Гаўрыла Лаўрэнаў, Змітрок Макрацоў, Піліп Пратасаў, Навум Сіўцоў. Пад час акупацыі, накіраваны камсамолам на падпольную працу ў Рагачоўскі раён, загінуў Іван Шыцікаў.

Пасля дэмабілізацыі з войска і вяртання дадому тутэйшых мужчын, у Паддуб’і пачалі адбудоўваць хаты. Калгасны двор пабудавалі паблізу вёскі. Там былі стайня, кароўнік, цялятнік, свінарнік, склады і іншыя гаспадарчыя пабудовы. У пасляваенны час да 1949 г.калгас імя Крупскай узначальваў Сяргей Захаравіч Дзёмінскі. Характэрнай з’явай пасляваеннага часу стала тое, што назву вёскі Паддуб’е мясцовыя людзі ў побыце сталі падмяняць вытворчай, аналагічнай найменню калгаса – Крупскае.

Неабходна нагадаць, што існавала тады вёска ва ўмовах савецкага прыгоннага права: зараблялі вяскоўцы ў калгасе не грошы, а працадні. Сялянам не выдавалі пашпартоў, ніхто з калгаснікаў не мог атрымаць гэты дакумент без дазволу мясцовых начальнікаў. Паводле словаў маёй маці Ніны Савасцьянаўны Макрацовай (1926-2009 гг.), якая добра вучылася ў даваеннай школе і імкнулася пасля вайны ўладкавацца на вучобу ці працу ў горадзе, на ўсе свае звароты да тагачаснага старшыні сельсавета з просьбай выдаць ёй неабходныя для атрымання пашпарта даведкі, пасля здзеклівага пытання : «А ў калгасе хто будзе працаваць?» – заўсёды атрымлівала адмову. Крыўда на таго сельсаветчыка, які фактычна сапсаваў ёй жыццё, заставалася ў сэрцы маці да апошніх дзён зямнога быцця.

Мінулая вайна пакінула ў наваколлі многа калючага дроту. Сяляне выкарыстоўвалі яго для агароджвання сваіх прысядзібных участкаў. Большасць вясковых надзелаў ахоўвалася такім плотам. Пазней абрыўкі і абломкі саржавелага дроту ранілі босыя ногі дзятвы, траўмавалі неабачлівых дарослых, прабівалі колы веласіпедаў. Іржавы калючы дрот зрабіўся неад’емнай рысай тагачаснай вёскі. Прыхаваныя травою фрагменты злоснай агароджы можна і сёння пабачыць наўскраіне Паддуб’я.

Нягледзячы на цяжкі побыт, паводле ўспамінаў старых вяскоўцаў, жылі яны пасля вайны дружна: былі спагадлівымі, падзельчывымі, пры магчымасці збіраліся разам. Моладзь у хатах ладзіла вечарыны. Былі свае вастрасловы і жартаўнікі, танцавалі пад гармонік, з задавальненнем спявалі, жаніліся і выходзілі замуж.

У пачатку пяцідзясятых гадоў вёска была радыёфікаваная. Электрыфікацыя ж паселішча, па ўспамінах аднавяскоўцаў, праходзіла ў 1963 годзе. Апошнім старшынём калектыўнай гаспадаркі быў Канстанцін Піліпавіч Бурачкоў. У 1949 г. калгас імя Н.К. Крупскай быў аб’яднаны з калгасам КІМ, што месціўся ў вёсцы Прыберажжа. Да гэтай жа гаспадаркі быў далучаны калгас «Звязда», які знаходзіўся ў вёсцы Перакладавічы. Страціўшы самастойнасць, Паддуб’е апынулася на ўзбочыне гаспадарчага жыцця. Наступнае аб’яднанне калектыўных гаспадарак улады здзейснілі ў 1954 г., калі на базе МТС, што была ў Грудзінаўцы, стварылі новы саўгас з назвай «Грудзінаўскі». У яго склад увайшлі ўсе калгасы, што існавалі на тэрыторыі Грудзінаўскага сельскага Савета. Разам з усімі патрапіла і Паддуб’е. Гаспадарчыя пабудовы, узведзеныя раней каля вёскі, знеслі. Усе прыдатныя для вырошчвання сельскагаспадарчых культураў землі ў наваколлі паселішча былі ўзараныя. Аб’яднанай гаспадарцы дзяржавай даводзіліся напружаныя планы па вытворчасці прадукцыі. На патрэбы асабістых гаспадарак тубыльцаў звярталася мала ўвагі. Да заканчэння існавання СССР мясцовыя жыхары адчувалі вострую нястачу сенажаці і пашы для сваёй жывёлы. Сялянам суседняй Грудзінаўкі нярэдка даводзілася пасвіць асабістых кароваў (не адзін статак) на палянах і дзялянках у лесе. Колькасць двароў і насельніцтва ў Грудзінаўцы пастаянна павялічвалася. Адна з грудзінаўскіх вуліц выцягнулася на поўдзень амаль да Паддуб’я. Гэта прывяло да таго, што яго афіцыйна ў канцы 1976 г. ўключылі ў склад Грудзінаўкі. Пра што, як не дзіўна, большасць жыхароў Паддуб’я даведалася значна пазней, калі мясцовыя вуліцы атрымалі назвы Вербнай і Паддубнай. Праз колькі годоў за стратай статуса асобнага населенага пункта Паддуб’е нечакана пазбавілася і свайго прыродна-гістарычнага сімвала: навальнічная бура, што з вялікаю сілай пранеслася тут летам 1984 г., зламала старасвецкі дуб.

Пасля чарнобыльскай катастрофы Паддуб’е апынулася ў забруджанай радыяцыяй зоне (5 – 15 Кі/км2). Працяглы час вяскоўцам давялося жыць у няпэўнасці і страху. Аселыя ў гарадах дзеці, за рэдкім выключэннем, перасталі прывозіць да старых на лета ўнукаў. Грудзінаўскую школу-інтэрнат закрылі. З’явіліся іншыя абмежаванні. Аднак толькі адна сям’я вырашыла скарыстацца прадастаўленым тады правам на перасяленне (аб чым пазней шкадавала). Побыт вяскоўцаў з гадамі вярнуўся ў звыклае рэчышча.

Не зважаючы на абставіны, Паддуб’е працягвае сваё самастойнае жыццё. Ад суседняй Грудзінаўкі яго адзяляюць глыбокая канава, мінуўшчына, сваё бачанне свету. Сёння ў паселішчы засталося 14 жылых двароў. Колькасць жыхароў паступова змяншаецца (большасць жыхароў – пенсіянеры). Толькі тры гаспадары трымаюць кароў. Пагалоўе кур скарачаецца праз налёты размножыўшыхся ястрабаў і коршунаў. Палі і лугі паміж вёскай і лесам, што рупліва абраблялі першыя перасяленцы, зарастаюць кустамі і дрэвамі. А некалі велічныя шчодрыя на дары лясы, ператвораныя лесарубамі ў здзічэлыя, непрыветныя пусткі. Большасць прасёлкавых дарог і прылеглыя да іх землі зрэзаныя коламі лесанарыхтоўчай тэхнікі.

Побыт вяскоўцаў апошнім часам палепшыла хіба толькі агульная тэлефанізацыя ды прыватная аўталаўка, што перыядычна па зніжаных цэнах завозіць прадукты.

Здараюцца ў жыцці вяскоўцаў і радасныя, урачыстыя дні. Сёлета 10 красавіка родныя і блізкія людзі з вялікай цеплынёй і сардэчнасцю віншавалі з юбілеем Марыю Іванаўну Ключнікаву, старэйшую жыхарку Паддуб’я, якой у гэты дзень споўнілася 90 гадоў. Трэцюю частку жыцця Марыя Іванаўна адпрацавала медыцынскай сястрой: пачынала ў Навабыхаўскай бальніцы, затым працавала ў Грудзінаўскім спецдзетдоме (там выхоўваліся дзеткі, бацькі якіх загінулі падчас вайны), пазней у Грудзінаўскай школе-інтэрнаце. Вырасціла сваіх чатырох дзяцей. Узнагароджаная медалём “Ветэран працы”.

Асабліваю падзеяй у жыцці Паддуб’я стаў з’езд землякоў, які адбыўся 7 і 8 жніўня 2010 г. Нягледзячы на анамальную гарачыню лета, дзясяткі аднавяскоўцаў з розных куткоў Беларусі і былога СССР прыехалі дадому, каб пабачыцца, падзяліцца ўспамінамі, даведацца, як склаўся лёс кожнага. Праз дзесяцігоддзі высветлілася, што амаль палова пасляваеннага пакалення вяскоўцаў здолела набыць вышэйшую ці сярэднюю спецыяльную адукацыю. Жыхары і ўраджэнцы Паддуб’я авалодалі прафесіямі настаўніка і медыка, інжынера і бухгалтара, вайскоўца і мастака, тэхнолага і заатэхніка, чыгуначніка і таваразнаўцы і іншымі. Яны працавалі раней і сёння працуюць у розных галінах народнай гаспадаркі сваёй краіны і за яе межамі. Многія адзначыныя дзяржаўнымі ўзнагародамі. Шмат чаго зведалі і пабачылі.

Бяседа суродзічаў, якія сабраліся ў цэнтры вёскі за агульным сталом, доўжылася ад зорнага вечара да расстайнай раніцы. І скончылася дамовай: праз пэўны час зноўку сустрэцца.


Засяноўка*


Памяці земляка, паэта-аматара Валодзі Кавалёва, прысвячаецца

«У лес урэзаўся лужок,

Сярод лужка – крыніца...»

Радзімы дарагі куток,

Дзе прыгажосць бруіцца.

Дрымотнай вёсцы: «Выганяй!» –

Крычыць пастух спрасонку...

Пярэсты статак, ранкам дня,

Брыдзе на Засяноўку...

Узбоч узносяць верхавіны,

Глядзяцца ў сонечны блакіт,

Бярозы, гонкія хваіны,

Чароды лазняку, ракіт...

Рахманай, поўнаю была

Канава Засяноўкі...

Дзівосна краскамі цвіла,

Штогод, пасля зімоўкі.

Траплялі спрытнаму ў таптуху

То шчупакі, то карасі...

З каровамі, на травах луга,

Днём пасвіліся ласі...

Дзяцінства незабыўны след

На роснай сенажаці,

Нам Засяноўкі запавет –

Любіць Радзіму-маці!

* Назва ўрочышча.


Источник: Краязнаўчая газета. № 35-36 (388-389), верасень 2011 года.


13.04.2026 | Алесь Макрацоў