Матрос легендарнага браняносца
Аляксандр Апанасавіч Мазураў - удзельнік рэвалюцыі 1905-1907 гг., паўстання на браняносцы «Пацёмкін». Нарадзіўся ў 1883 г. ў в. Грудзінаўка Быхаўскага р-на. З сялян. З 10 гадоў стаў працаваць у панскім
маёнтку ў Грудзінаўцы. У 1904-1905 гг. служыў на браняносцы «Пацёмкін». За ўдзел у паўстанні засуджаны да 10 гадоў катаргі, якую адбываў з 1906 па 1908 г. у Харбіне і Чыце, быў памілаваны. У 1908-1910 гг. зноў у царскай арміі. У 1910-1914 гг. працаваў на радзіме кавалём, потым механікам у маёнтку графа Талстога. У I-ю сусветную вайну радавы, унтэр-афіцэр царскай арміі. У 1918-1941 гг. працаваў кавалём і механікам у саўгасе «Грудзінаўскі», потым на Грудзінаўскім спіртзаводзе. У час Вялікай Айчыннай вайны займаўся сельскай гаспадаркай. Пасля вайны з 1944 г. працаваў у саўгасе «Грудзінаўскі» кавалём, механікам на спіртзаводзе, вартаўніком у школе. Узнагароджаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. Памёр А.А.Мазураў 5 сакавіка 1957 г.
З успамінаў А.Ц. Рудаковай:
Трагічны лёс зрабіў мяне прыёмнай дачкой марака з легендарнага браняносца «Пацёмкін» А.А.Мазурава. Здарылася гэта ў ліпеньскі вечар 1942 г., калі нам са старэйшым братам Мікалаем цудам удалося вырвацца з вёскі Красніца, якую спалілі гітлераўцы разам з людзьмі. У гэтым страшэнным вогнішчы згарэлі наша маці і іншыя родзічы.
Жах перажытага і надыходзячая ноч прывялі нас у Грудзінаўку, у хату Ганны Андрэеўны і Аляксандра Апанасавіча Мазуравых, якія сталі нашымі другімі бацькамі. У гэтай сям'і я не толькі знайшла дах над галавой, бацькоўскую ласку, але даведалася аб адной з слаўных рэвалюцыйных старонак нашай радзімы – паўстанні маракоў браняносца «Пацёмкін», якія кінулі дзёрзкі выклік
царскаму самадзяржаўю, узнялі над ваенным караблём Чарнаморскага флоту чырвоны сцяг рэвалюцыі. Тата быў сярод тых пацёмкінцаў, хто вярнуўся пасля здачы браняносца румынскім уладам у Расію ў 1905 г., быў арыштаваны і засуджаны. Суровыя ўмовы катаргі адбіліся на яго характары. Але за вонкавай суровасцю ў Аляксандра Апанасавіча хавалася шчырае, пяшчотнае сэрца. У іх з Ганнай Андрэеўнай не было ўласных дзяцей. У 1915 г. яны ўзялі ў сваю сям'ю аднагадовага сіротку Алёшу, выгадавалі і ў 1935 г. паслалі вучыцца ў Віцебскі
медыцынскі тэхнікум. У пачатку Вялікай Айчыннай вайны Алёша загінуў на фронце, а праз год яны зноў прытулілі двух сіротак – мяне і Колю. Дзякуючы іх бацькоўскім клопатам, мы атрымалі сярэднюю адукацыю, потым я скончыла тэхнікум, а брат – інстытут.
Тату вельмі падабаліся мужныя людзі. Я памятаю, з якім хваляваннем чытаў ён раман Э. Войніч «Авадзень», кнігу Б. Гарбатава «Нескароныя», глядзеў кінафільм «Маладая гвардыя». Адчувалася, што ў літаратурных героях ён знаходзіў рысы ўласнага характару. Нават у казках, якія вельмі любіў расказваць, калі я была маленькай, пераважалі мужныя, знаходлівыя
народныя вобразы, людзі-волаты. У самыя змрочныя дні фашысцкай навалы тата быў упэўнены, што вернецца Чырвоная Армія, прыйдзе перамога і зноў будзе савецкая ўлада. Памятаю яго шчырую радасць, калі быў надрукаваны Указ Прэзідыума Вярхоўнага Савета СССР ад 3 кастрычнiка 1956 г. аб узнагароджанні яго ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга ў сувязі з 50-годдзем першай рускай рэвалюцыі 1905-1907 гадоў. Гэты ордэн, ордэнская кніжка, аўтабіяграфія і фатаграфія бацькі перададзены ў Дзяржаўны музей Беларускай ССР.
Памяць. Историко-документальная хроника Быховского района. 1990г.
опубликовано 13.03.2022